top of page
MSJBWpZ3O1g.jpg

Агляд кнігі "Сена на асфальце"
Фраза, якая зрабiлася загалоўкам кнiгi, прагучала ў апавяданнi пiсьменнiка Мiхася Стральцова як вызначэнне фiлалагiчнага пакалення. Нядаўнiх вяскоўцаў, што сталi студэнтамi сталiчных вузаў, абжываюцца ў горадзе, прымаюць каштоўнасцi «адлiгi», але адначасова не могуць духоўна адарвацца ад вёскi. З аднаго боку, гэтых людзей нiбыта вызначаў унутраны раздрай, супярэчнасць мiж гарадской i вясковай культурай. З другога — гэта было вельмi гарманiчнае пакаленне, таму што скарбы народнай мовы, народнай культуры для iх з’яўлялiся натуральнай часткай менталiтэту i ўдала сiнтэзавалiся з сусветнай культурай, якую якраз тады дзякуючы шчылiне ў жалезнай завесе пачалi спазнаваць у большым аб’ёме. У зборнiк увайшлi менавiта тыя творы i менавiта тыя аўтары, якiя карыстаюцца найбольшай папулярнасцю ў бiблiятэках: Аляксей Дудараў, Янка Сiпакоў, Мiхась Стральцоў, Iван Пташнiкаў, Iван Чыгрынаў... Гуманiстычная, псiхалагiчная, рэалiстычная проза. Рамантыка супраць мяшчанства. Дабрыня супраць подласцi... Нiчога новага для сусветнай лiтаратуры. Але ў непаўторным нацыянальным кантэксце i з адметным стылем кожнага аўтара. Навошта Сцяпан, герой аповеда «Святая птушка» Аляксея Дударава, усцягвае на лiпу кола для буслянкi? Нашто яму тыя буслы? Чаму супрацiўляецца, калi спiлоўваюць па ўсёй вёсцы дрэвы, гэта ж колькi дроў будзе? Ачарсцвелым людзям не зразумець, але на такiх, як Сцяпан, i трымаецца чалавецтва.

bottom of page